Альгерд Бахарэвіч. Я люблю беляшы (урывак з рамана "Сабакі Эўропы")

Я люблю беляшы.

Толькі вось бяляш цяпер ужо ня той. Асабліва на вакзале. Бледны пайшоў у Менску бяляш, нейкі мокры, нібы іх у лужыне вымочваюць. А ня мокры – дык падгарэлы. Шмат белага цеста, мала шэрага мяса. Усе крывяцца: як ты іх ясі? Гэта ж ня проста фаст-фуд, гэта беларускі вакзальны фаст-фуд, фу, што за пацучаціна ў тваім пачастунку? І яны маюць рацыю. Бяляш ужо ня той. Але я ведаю адзін хітрык: калі я ем бяляш, я ем успаміны. Успаміны пра сваю маладосьць, калі іх рабілі зь любоўю. Зь мясам, з добра прапечанага цеста і зь любоўю.

Нешта ня так з гэтай краінай. Тут усе чапляюцца за старое – але даўно развучыліся яго рабіць. Мёртвы фаст-фуд з савецкага Менску ня здольны замяніць сабой ні макдональдс, ні кейэфсі, але безь яго, савецкага фаст-фуду, тут немагчыма ўявіць сабе вакзал. Мы жарэм успаміны. І яны не канчаюцца. На вакзале нам хочацца ўспамінаў, апошні раз, зь мікрахвалёвай печкі, бо хто яго ведае, як яно павернецца, таму: мне ўспамін. З маянэзам. І кетчупам. І салфетачку не забудзьце.

Сасіска ў цесьце. Чабурэкі па-мінску. Беляшы. Піца з варанай каўбасой. Яны ляжаць за шклом вітрыны, халодныя і дасканалыя ў сваёй цэляфанавай пекнаце – яны падобныя да музэйных экспанатаў, застылых і чароўных, яны дайшлі да нас празь вякі. Мо таму прадавачка так зьдзіўляецца: што? Вы сказалі: бяляш? Няўжо вы будзе есьці музэйныя экспанаты? Вы што, ня бачыце? Рукамі ня трогаць!

“Хочаш? – кажу я пакету, падкідваючы на языку ўсё яшчэ гарачае мяса. – Ну, як хочаш”.

У пакетаў няма ўспамінаў. Яны – самі ўспаміны.

Некалі я любіў прыяжджаць сюды, на чыгуначны вакзал, стары яшчэ, каб праводзіць цягнікі. Міжнародныя саставы: Масква-Бэрлін. Масква-Амстэрдам. Масква-Варшава. Масква-Варна. Масква-Прага. Я тады быў студэнтам і часта прагульваў заняткі, прыходзячы сюды з пачкам “Союза-Аполлона”, сам юны, як Апалён, палонны гэтай дзіўнай краіны, адкуль, я ведаў, мне ніколі ня вырвацца. Я садзіўся на свой стракаты пакет з падручнікамі і канспэктамі і глядзеў, як адны шчасьліўцы загружаюць у вагоны свае чамаданы, начыненыя будучыняй і нечым яшчэ, мне яны ўсе здаваліся эмігрантамі, гэтыя менчукі, якія ехалі на захад, я нават думкі не дапускаў, што яны могуць вярнуцца. А іншыя шчасьліўчыкі, масквічыкі і масквічкі, дарагія расіяне, выходзілі пакурыць, паплёўвалі на нашую сьвятую зямлю. Дякую тобі, боже, що я не москаль. І дзякую табе за тое, што я нарадзіўся і жыў у буйным чыгуначным вузьле, горадзе, празь які ўжо амаль паўтара стагодзьдзя ўсё цячэ і цячэ чыгунка, наша другая рака.