Альгерд Бахарэвіч. Пачатак рамана "Сабакі Эўропы"

Хто б ведаў, як мне надакучыла ваша беларуская мова. І хто б ведаў, зь якой асалодай я пішу гэта. Надакучыла. Надакучыла.

Дакука.

Нуда.

Яна мне абрыдла. Брысь, мова, брысь. Ты ўдосталь нацешылася. Табой не заробіш, не заб’еш, не пабавішся, цябе ўжо не забудзеш. Нібы незнаёмая жанчына ў прывакзальным тумане, выкрадальніца пакінутых на хвілінку дзяцей, некалі ты зьявілася зьніадкуль, узяла мяне за руку і павяла ў тлумны, запляваны падземны пераход, поўны бляклых вітрын, азяблых галубоў і прадаўцоў лятарэек – а я ўсё азіраўся туды, дзе засталіся стаяць чамаданы: надзейныя, начыненыя будучыняй, ужо нічые. Ты разлучыла мяне з роднымі, ты прымусіла мяне прымроіць нейкі народ, празрысты, няўлоўны, няісны. Год за годам мы хадзілі з табой па сьвеце, начавалі ў дзіўных месцах, нейкіх муха-малочных вёсках, у бібліятэках, закінутых замках, у нейкіх падазроных заезных дамах -- дзе давядзецца; ты купляла мне танныя цацкі і карміла, пакуль я ня вырас, ты вучыла мяне гаварыць ціха, а думаць хутка, удзень ты прымушала мяне жабраваць і кленчыць, а ўначы абяцала мне царства, і вось урэшце куды ты мяне прывяла –

у гэтую цёмную,
нібы задымленую,
здымную
аднапакаёўку,
у доме з мэмарыяльнай дошкай,
у горадзе М.,
у часы ўсеагульнага мораку.

І ваша расейская мова мне канчаткова апрыкрала. Хто б ведаў, як яна мяне дастала. Што ёй ні скажаш, усё ўжо было, усё адгукаецца тысячай бязглуздых рэхаў і даўно астылых літар. Гатовыя канструкцыі, чыгуннае ліцьцё, мова-труба, пакладзеная ўпоперак нашых жыцьцяў. Ты заўжды чагосьці хацела. Яшчэ ў жываце ў мамы, калі я яшчэ і чалавекам ня быў, а так, зьлепленым чучалкам – ты ўжо настойліва стукалася, чытала мне маралі, душыла сваімі ватна-марлевымі павязкамі, заражала мяне страхам. Мова, якая заўжды прыходзіць нібы з вобшукам, мова, якая заўжды мае права. Брысь, расейшчына, брысь, бляшаная мова жэсаў і пажаскіх карпусоў, мова вялікай і ліпкай літаратуры, голас мільёнаў маленькіх і лютых сваёй дробнай злобаю людзей.

А ангельская? Яна агоркла ня менш. Тое, што вы завяце ангельскай, усяго толькі разьдзьмутае, як пухліна, гумовае сэрца, якое натужна пампуе мільярды словаў штодня, нежывое сэрца, над якім павесілі лямпу. Халодная люмінэсцэнтная сьвецень. Мова-фаст-фуд, ад ангельскай паўсюль плямы, быццам сьвет – гэта ўсяго толькі куча сурвэтак на нечым стале. Ангельская – мова на транстлушчах і штучных дабаўках. О, яна ўмее падмазаць!.. Як шмат людзей думаюць, што ведаюць ангельскую, і лічаць, што гэтага хопіць для шчасьця. Наіўныя дурні. Як шмат мы маглі б сказаць, калі б адмовіліся ад вашага інглішу, калі б сказалі раз і назаўжды сваё “не” гэтай оргіі паразуменьня.

Гішпанская? Астматычны кашаль забойцы, якога-небудзь чэснага монстра Чэ. Сьмех мясьніка-тарэадора. Нямецкая? Горкая рэдзька, якая некалі ўявіла сябе геніем і звышчалавекам, а цяпер усяляк выпінаецца, каб зноў падавацца нармальнай. Француская? Недалушчанае пісьмо звонку, недалужны філязофскі жаргон усярэдзіне. Польская? Пыха другасных паэтаў, ад якой словы ажно трашчаць, пырскаюць, лопаюцца, як кілбаскі на патэльні…

“Что это вы там все пишете?” – ён уздымае вочы ад тэлефона і незадаволена рыпіць крэслам.

“Пишу”, -- млява апраўдваюся я, прыкрываючы далоняй шэрыя аркушы.

“Пипишу… -- перадражнівае ён. – Напиписали уже на три листа. Дайте сюда”.

Ён рашуча выцягвае паперкі з-пад маіх рук. Твар ягоны крывіцца, нібы ён зараз заплача.

“Что это? Что это, я вас спрашиваю? Ну ёж вашу не скажу, ну что это такое? Ну за что мне вот это все, а? Вы глухой? Или больной? Я вам что сказал? Напишите, при каких обстоятельствах вы познакомились с… А вы что пишете? Брысь, брысь, какие-то килбаски, расейшчына… Блин, да я тут не понимаю ни слова, тут не разобрать ваще ни хрена!”

“Давно не писал от руки…”