Ігар Бабкоў. Восеньскі танец дэрвіша

Калі музыка згубы падступіць пад сон
Расплюшчацца вочы, узьнімуцца веі, прачнецца вецер
І птушкі пакінуць зарослыя болем аблокі
Тады пачынае свой восеньскі танец дэрвіш

Звонку падобны да скамянелага дрэва
На самым-самым скраі гэтага сьвету:
Старанна падбірае словы, гэсты, званочкі
Ідзе ў паветры — бо — не хапае сьцежак

На гэтай карціне, у гэтым часе, сьветлы Сымург
Корміць з рукі трыццаць самотных ценяў
Ды раптам на вуснах — лёгкай кісьлінкай — haste naboshid
Далёкім шэптам: тонкае — гэта сьвятое

На самым скраі: самоты, адчаю, сну
На самым-самым скраі: сярод аблокаў
Слодыч віна, смага, тонкія вусны
Танец апалай лістоты, Твой пацалунак

Час аддаваць: восень расчыніць вакно
Убачыш: сонца, мора, канец падарожжа
За даляглядам: пад ветразем сьветлы жагляр
Плыве па небе, — туды, дзе ўсё пачалося