Ігар Бабкоў. Чатыры вершы Ван Вэю

I

Дзікія гусі
Зьніклі за даляглядам

На халодным сьвітанку
Шэрань
Кранае золкімі пальцамі абляцелае лісьце

Вандроўнік
Дайшоў да самага скраю
Лета жаданьняў…

II

Калі восень
Нечакана прыходзіць у халодным сутоньні
Ахінае крыламі, астужае раскошай
У прысадах вецер
Гуляецца з мокрым лісьцем
І кроплі дажджу цалуюць выпадковыя твары
Тады ўсюды
Як подых, як прадчуваньне
Нябачна, невідочна, уяўна
Сышоўшыя з далёкіх вышыняў
Красуюць белыя кветкі

Лотаці, эдэльвайсы, хіба словы нешта значаць
Калі жыцьцё толькі сон і варта нарэшце прачнуцца
Разам зь імі
У краіне Чыстай Зямлі
Дзе душы, вольныя ад пераўвасабленьняў
Ад падарожжаў, ад прывязанасьцяў, ад пакутаў
Ад сьмерці
Уступаюць у чыстую дасканаласьць

Ах, прачнуцца б там, ды толькі восень
Занадта пяшчотна абсыпае лістотай
Замсьціць вочы
Шапоча пра вусьцішную радасьць каштанаў
Пра тое, што сьмерць — гэта сьвята

Восень
Шапоча простыя зьнікомыя словы
Аблокі плывуць, зьнікаюць у цішы неба
Як вечныя, празрыстыя, дасканалыя тайны
Каля якіх так імкнесься
Яшчэ крыху пабыць
Затрымацца

III

Раптоўныя хваляваньні неба, перуны, грымоты
Дождж змывае жаданьні, пакідае пустэчу
Ў якой адзінокі човен плыве супроць плыні
Гэта Шосты патрыярх разьбівае кайданы
Заблытанай кармы

Ягоны вялікі гнеў, вялікая міласьць
Палае ў Сусьветнай начы аж да золку
Раптоўныя сполахі, вогнішчы, зараніцы
Далёкае, халоднае сьвятло з Усходу

IV

За вокнамі вечар і слота
Дождж змагаецца зь ветрам
Я адзін у пакоі
І на маім стале

Парцалянавы кубак
З-пад выпітае гарбаты
Безнадзейна забыты
Дарэшты пусты й цудоўны