Ігар Бабкоў. Чаму старадаўнія паэты…

Чаму старадаўнія паэты
Не клапаціліся
Пра выратаваньне душаў?

Крыху віна, поўня, подых восені
І яны плачуць, як дзеці
Сузіраюць ружы ці хрызантэмы
Альбо глядзяць на мёртвыя целы
Што плывуць па Янцзы ў часы бескаралеўя

Чэрпаюць месяцовы адбітак
Не зважаюць на багоў і герояў
Бог, Імпэратар — аднолькава ў вышынях

І толькі іхныя душы
Як кірлі на пясчаных плёсах
Імклівыя, незваротныя
Альбо як высокія сосны
Раскінутыя на паўсьвета
Альбо як клёны
Што скідаюць лістоту
Са шкадаваньнем

Ідучы гасьцінцамі, сьцежкамі
Самотныя, разам з усімі
Лёгкія, невыносныя
Заўсёды ў небясьпецы

Яны не шукаюць ключы
Ад незамкнутае брамы
Якой няма і ня будзе
У восеньскім парку