Ігар Бабкоў. Цыгарэтаў дым…

Цыгарэтаў дым як туман
Вецер. Зноў гэты пакойчык
Тут ластаўкі жывуць

На досьвітку вылятаюць у сьвет
Вяртаюцца
Калі ўжо сонца за небакраем

Зьбіраюць каля аблокаў
Сны. Засьцілаюць імі
Чалавечыя гнёзды

Слухаюць
Адтуль, з вышыні
Галасы, літаньні

Ветлыя, імклівыя
не дасяжныя

Крыху бліжэй да зямлі, ластаўкі
Крыху бліжэй, — варушу губамі

Ня так высока
Ня так пяшчотна
Ня так сьмела

А яны ня чуюць

Крэсьляць знакі ў паветры:
Цёплае трапятаньне
Лёгкіх крылаў сьляды
Часам самотныя
Часам шчасьлівыя
Часам незваротна забытыя

Там, у небе