Ігар Бабкоў. Углядаючыся ў югэн прамінулага часу

Варушылі вуснамі, спляталі рукі, маўчалі
Пакуль не патрапілі на самы скрай часу

Дзе ўсё, што мелася быць, — адбылося
Сонца сьвяціла, вецер заставаўся ветрам

Быў красавік, — дзёрзкі, злы і халодны
Дрэвы стаялі, як быццам сьнілі кагосьці

І толькі яны, — сыходзілі, адплывалі, зьнікалі
За смугой году, таялі альбо танулі

У прамінулым, — што — так блізка — было
На выспах шчасьця, там, сярод акіяну

Засталіся: яго нататнікі, яе сны, каляндар
Два шалікі, зялёная лямпа, яе завушніцы

Шклянка гарбаты, узьлёт веяў, самота ў Cafe
І боль у сьпіне, крыху вышэй за сэрца