Ігар Бабкоў. Такая спакуса…

Такая спакуса, — блытаць словы, рытмы, адзеньне
Трымаць цябе за руку, чытаць кнігі па алхіміі
І казаць самому сабе: яна — мая музыка

Часам далёкая, а раптам гэтыя вусны
А рукі — не зразумееш — плач, ці проста па клявішах
Кроплі дажджу пішуць лісты закаханым

Так, начныя лісты — гэта подых шчасьця
Подых, альбо уздых, альбо падарожжа
Да скраю самоты, бо толькі там пацалункі

Джаляць, і забіваюць, і п’юць імгненьне