Ігар Бабкоў. Сьнег кружыцца…

Сьнег кружыцца за вакном
Падае, занепадае
На халоднае зямлі
Ў белай скрусе прападае

Вее, сьцелецца, зьвініць
Б’е бубенчыкамі шалу
На халоднае зямлі
Танчыць сьнежную Вальгалу

Засыпае спакваля
Вочы, весьніцы, парканы
На халоднае зямлі
Сее сьнежныя дзірваны…

Сьніць салодка: ля вакна
Веі, сьнег, шчыпотка солі
Белы сон у белым полі:
Тонкіх пальцаў белізна