Ігар Бабкоў. П'яны і далёкі…

Лі Бо

П’яны і далёкі, ён блукае па небе
Кідае маланкі, гуляе з аблокамі, запальвае ліхтары
Мудрасьці. Слухае галасы рыб
Сьпявае, танчыць, разьвінвае
Восені косы

П’яны і самотны, чакае сардэчнага сябра
Так, мусіць вярнуцца
Сюды, на неба, ня так проста дайсьці
Сьцежак амаль ня бачна
Прайшло столькі стагодзьдзяў

П’яны і сьветлы, ён прыходзіць у сны
Да забытых паэтаў, прамінулага часу
Штосьці абяцае, чамусьці вучыць — ня бойся
Заплюшчы вочы, ідзі на дно
Гэты боль — асалода

Гэты боль — асалода