Ігар Бабкоў. Нерасчытаная сутра...

Нерасчытаная сутра
Аднаго з патрыярхаў
Забытага веравызнаньня
Невядомае веры

Там усё запiсана:

Пра пераходы
Ветру i цiшы
Жыцьця i руiнаў
Сну й чуйнаваньня

Пра вайну зь лiхтарамi
Пра чырвонае сонца
Пра ноч i дарогу

Пра сутарэньнi
Затрыманага часу
На маршруце жаданьняў
У лябiрынце пяшчоты
Дзе замест Мiнатаўра
Кроплi марцiнi

Сутра
Незьлiчоных квiткоў
З адмененых падарожжаў
У кiшэнях
Начнога ветру
Тэлефонаў
Па якiх не шукаеш нiкога
Запiсаных, забытых
На рахунку кавярні

Сутра
Адкладзенага спадзеву
На пераўвасабленьне
У мёртвую котку

Сутра блуканьня

Для аднаго з патрыярхаў
Доўгачаканай самоты
У гатэльным пакоi
Дзе толькi сьцены i неба