Ігар Бабкоў. Магія

Ён не спяшаўся апранаць маску, хвіліну запаволіў
На бакавым калідоры, перад тым, як выйсці на сцэну

П’еса ішла даўно і падыйшла да развязкі
Кароль прымаў дары на вяршыні славы

Каралева сядзела за кроснамі, пляла інтрыгі
Прынцэса разглядала сукенкі, чакала прынца

З будкі суфлёра спяваў хор менестрэляў
І ўсе як адзін па сюжэту ўдавалі шчаслівых

***

Яго роля была надзвычайна простай
Уварвацца на сцэну, раптоўна, у апрычоны момант

І сказаць праўду: паўсюль здрада, усё падвісла на нітцы
Ворагі зусім блізка, чакаюць ля самых межаў

Урэшце ён падаў на падлогу, з нажом у сэрцы
І ўсе пляскалі — у радасным шале — ад смерці героя

***

Ён мусіў чакаць, пакуль не празвінелі званочкі
Але гэтым разам было не так, як звычайна

У пустой залі было ціха і цёмна
На крэслах партэра сядзелі хіжыя птушкі

Месяц схаваўся за хмары, сціх вецер
І хтосьці Незнаёмы на небе падмалёўваў зоры

***

Потым ён ішоў па пустой, горнай дарозе
Думаў пра яе сны, пра значэнне слова хвіліна

Дакранаўся да зорак, слухаў галасы і шэпты
І крыху шкадаваў, што забыў назву тэатра