Ася Волкава. Мужчыны-рамантыкі пахнуць дымам…

Мужчыны-рамантыкі пахнуць дымам,
Бо кожнага разу, уцякаючы,
Яны пакідаюць за сабою папялішчы
І нават калі крануцца скуры рамантыка языком,
Можна адчуць у роце смак попелу.

Мужчыны-курцы горкія на смак
І калі пацалуеш такога мужчыну зраніцы,
Да вечара можна так і не пракаўтнуць
Гэтую горыч.

І толькі паэты, ад Байрана
І да апошняга жывога постмадэрніста,
Пахнуць дымам і пацалунікі іх
Горкія на смак,
Бо паляць яны беспрабудна.
І той самай запалкай
Яны пакідаюць папялішчы рукапісаў.