Наталля Арсеннева. Магутны Божа

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхой і ветлай
рассып праменне Свае хвалы.

Дай спор у працы будзённай, шэрай
на хлеб штодзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласць – дай!

Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!