Наталля Арсеннева. О, шыпшына мая, Беларусь!

Грае люты на струнах завей
далікатнае, смутнае scherzo.
Пачакаю, аж зноў весялей
будзе трохі на сэрцы.
Аж затліцца ізноў у крыві
хваляваньняў блакітны агеньчык,
аж і сцюжа, і дні без навін
шэры час свой ад’енчаць.
Аж ізноў баразной пабрыдуць
дні вясны у вадзе па калені,
аж мы скарбы пачуцьцяў і дум
зноў на словы разьменім...
Цёплых слоў гэтых трэба усім
нашым часам суровым і збройным.
Што ж ты свету сягоння дасі,
як ня песню, не мрою?
Як прымусіш паверыць сваіх,
што яшчэ расцвіце наша доля,
што ніць шчасця йшчэ будзем мы віць
пад крывіцкаю роднаю столяй?

Грае люты на струнах сучча
далікатнае, смутнае scherzo...
Не, не буду чакаць, аж маўчаць
маё знудзіцца сэрца.
А удару па цягліцах струн
із тугою, із сілай нячутай:
«О, шыпшына мая, Беларусь,
маё шчасце й пакута!»