Наталля Арсеннева. Рабіна

Асыпала попелам сыпкім змярканне
вакно і паперу, пяро і мяне...
Пад небам зімовым над шэрым парканам
рабіна галіны шкляныя хіне.

I столькі спакойнае, простай пакоры
прад лёсам з вятрамі ды сцюжай у ёй,
што гасне імкненне падзеі паскорыць
і цішаю поўніцца сэрца й маё.

I хочацца шрэняй ахутацца срэбнай,
таксама хістацца на ветры й чакаць
із верай глыбокай – аж з сіняга неба
хлыне на зямлю залатая рака.

Аж сокі густыя закружаць у жылах,
аж сэрца заб'е ў залатыя званы,
і сном недаснёным растае у расцвілых
далечах туга прад абліччам вясны!