Наталля Арсеннева. Красавік

Неба сіняе, сіняе, сіняе...
Ані межаў у ім, ані дна.
На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю
Пазірае мне ў вочы вясна.

Лазнякі срэбным пухам акрыліся,
Вецер пыл па-над імі мяце,
Тут – пралескі ў раўку затаіліся,
Сірацінай фіялка цвіце,

Там – жаўцеюць вяночкі вясновыя
Красак нейкіх нязнаных яшчэ,
Там – ізноў – залатыя, лілёвыя...
З іх вясна дываны свае тчэ.

Як тут ціха, ні гулу, ні гоману,
Пачынае нат сум засынаць,
Ды душою жывою, нястомнаю
Чую ўсё ж я, што ўсюды вясна.

I нічога мне ўжо не жадаецца,
Ні каханьня, ні светлых мінут,
У душы маёй штосьці зрываецца,
Што няўзнак адцвітае, а тут –

тут фіялкі цвітуць цёмна-сінія
Сеюць водар салодкі вясны, ...
Што брыдзе прыгажуняй-княгіняю,
Рассыпае вясновыя сны.