Наталля Арсеннева. Ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве

Не ў царкоўцы малітвай, святою вадой –
ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве.
Як паганін, я пушчы пяю залатой,
Разумею палёў васільковых размовы.

Да мяне не з імглой, не з мутой ручаін
Надыходзіць вясна і не снегам счарнелым, –
Мне смяецца яна жоўтым пухам вярбін,
Срэбным звонам жаўронка ў палёх зарунелых.

Не спякотаю й лета мне дыхае ў твар,
Не вятрамі красу абівае з чарэсняў, –
Галасістая ніва – адвечны пясняр –
Залатыя, гарачыя спеліць мне песні.

Восень зноў не залой, не сцюдзёным дажджом,
Не тугою цягучай душу маю раніць, –
Мне яна павучынне пляце над мяжой,
Сном ціхім на сівое кладзецца аўсянне.

I зіма – не марозамі страшыць мяне,
Не сляпою мяцеліцай засціць мне вочы.
Над снягамі, на сінім нябёс палатне,
Распаляе яна серабраныя ночы...

I заўсёды, заўсёды паганскай жудой
маё сэрца сціскаецца ночай зімовай.
Не ў царкоўцы малітвай, святою вадой –
Ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве.