Уладзімер Арлоў. Два сінія цені

блукалі па сьнезе
два сінія цені
трымцелі ў паветры
струмкі летуценьняў
аб іх разьбіваўся
вар’яцкі вятрыска
мароз падмалёўваў
ад герпэсу рыску
на зьмерзлай шчацэ
стылі ногі ў красоўках
хваіны на выдмах
замёрлі ў масоўках

сышліся на сьнезе
два сінія цені
гусьцелі ў сумётах
сутоньня адценьні
і рукі ў пальчатках
зьляталіся блізка
бакланам таксама
хацелася віскі
пагрэцца спусьціліся
рыжыя сойкі
ўглядаліся прагна
у нашу ссабойку

даўжэлі на сьнезе
два сінія цені
ў дзьвюх душах
паволі каналі сумненьні
ля ног прытулілася
верная пляшка
ў мурашніку
сьнілася лета мурашкам
на вушку зьявілася
белая плямка
і вусны крануліся вуснаў
як клямкі

зьнікалі на сьнезе
два сінія цені
а мы
адрывацца ад іх не хацелі
цяпла засталося
на саменькім донцы
у мора нырнула
прадрыглае сонца
ці ведаў
марскі віскуценьнік зацяты
якое ў вачах нашых
грэецца сьвята?

расталі на сьнезе
два сінія цені
у сінюю вечнасьць
яны адляцелі
і пляшку схавала
падступная дуйка
і чайка здранцьвела крычала:
ратуйся!
а мы не збаяліся
мы абняліся
а мы засьмяяліся
і – засталіся!