Уладзімер Арлоў. Сэкс прыдумалі зулусы

футбольнаму чэмпіянату сьвету - 2010
ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы прысьвячаецца



сэкс прыдумалі зулусы
у саваньне
ваньне
раньнем
з выляжанкаю на стайні
з жонкаю у роднай спальні
на ліянах і абрусах
на сваім стракатым сьцязе
на гарышчы ў Златай Празе

сэкс прыдумалі зулусы
ў кабінэце
на касэце
у Валеце
пад трыбунамі ў клязэце
ў чаўнах і Інтэрнэце
ў сельсавеце і улусе
між гібонаў на сафары
у футболцы з Чэ Геварам

сэкс прыдумалі зулусы
вечны
спрэчны
небясьпечны
як пэнальці бессардэчны
пад кустом і Шляхам Млечным
з уругвайкай ды індусам
на сьняданак і ў сыесту
перад тым як цябе зьесьці

сэкс прыдумалі зулусы
з твістам
сьвістам
і расістам
з рэфэры і футбалістам
за більярдам і за вістам
з украінкай і тунгусам
кожны вечар канібалы
набіраюць сабе балы

сэкс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
і з хет-трыкам і квартэтам
з асырыйкаю і хетам
але я хачу каханьня
хоць глыток на адвітаньне
з гэтым-летам-прайдзісьветам
з форвардаў кардэбалетам
зь недаробленым мінэтам
на ўзьбярэжжы пад Лярэтам
дзе у каталёнскім моры
мы з табой тапілі сорам

сэкс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
з пляшкай віскі й трыялетам
у аўтобусе і ў гета
але я хачу каханьня
хоць глыток на адвітаньне
з гэтым летам-пустацьветам
з выйграным адзіным сэтам
з праязным чужым білетам
з падарожжам кругасьветным
між Кэйптаунам і Менскам
на тваім фатэлі венскім

сэкс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
зь фінкаю і пісталетам
з карсіканкай і вэндэтай
але я хачу каханьня
хоць глыток на адвітаньне
з гэтым ліпенем што ў Лету
адплывае ў сандалетах
з гэтым жніўнем і з кабетай
што даўно ня мной сагрэта
ды прысьнілася ў нядзелю
ў вувузэлы мы дудзелі!

Божа
дай глыток каханьня
хоць адзін на адвітаньне
з расфутбольным скварным летам
не хачу казаць: са сьветам
бо прыкінуўся паэтам
а ты ведаеш: пры гэтым
нельга аддавацца ловам
рызыкоўных рыфмасловаў

Божа
дай глыток каханьня
хоць адзін на адвітаньне
і ў сваёй нябеснай высі
не ў афсайдзе
ў райскім садзе
ты мяне каханым высьні!