Уладзімер Арлоў. Мне прысьніўся Хадановіч

мне прысьніўся Хадановіч
велічны нібы сэнатар
недарэзаны Нэронам
іранічны як Свэтоній
заклапочаны як Брут
можа сам каго зарэзаў
можа вершык марыў скласьці
а магчыма проста піва
прагнуў выпіць насупроць
Камітэту дзяржбясьпекі
дзе цікавяцца здаўна
нашым паэтычным словам
і напэўна нездарма

ён ішоў па вулцы Маркса
ў Менску стомленым і сонным
між кавярняй «Эльдарада»
і ангельскай амбасадай
(там у будцы мент сядзіць)
рухаўся накіравана
не хістаўся не губляўся
павітаўся з нарпаэтам
з рэдкім іменем на «Н»
даўганогай прыгажуні
мімаходзь прызначыў стрэлку
і сказаў бамжу «банжур»

ён ішоў... гракі крычалі
ў навакольлі Нацтэатру
(ну чаму не груганы?)
бомж чытаў паэта Ніцку
плакаў... языком мянціў
даўганогая бляндынка
набыла контрацэптыў
бо навокал СНІД лютуе
а Андрэй — за ўсіх мудрэй

я прачнуўся і падумаў
вось прысьніцца Хадановіч
цёмнай ночкай на Каляды
без усякіх там прыколаў
заклапочаны як Брут
будзе йсьці па вулцы Маркса
з томам Малярмэ ў партфэлі
і часопісам «Arche»
і з сухім ляшчом пад пахай
што адгэтуль вынікае?
што паэту трэба муза
а часамі прагне піва
ўкрай асьмяглы арганізм
і ляшчы яшчэ вядуцца
у вірох маёй Радзімы
КДБ шануе мову
і «Arche» выходзіць спраўна
а бамжы чытаюць кнігі
знойдзеныя на памыйках
гэта значыць што пісьменства
наша краснае — жыве!