Уладзімер Арлоў. Клава

ты выходзіш на ганак
шчасьлівая
з Понтам Эўксінскім
глыбіня сустракаецца
тваіх чорных вачэй
вечар сіні
зусім

ты круціла раман
летась
з князем грузінскім
а цяпер
твой абраньнік
паэт зь Яраслаўлю
Максім

ён чытаў табе вершы
і прагна кахаўся
нібы заўтра зьбіраўся
ў тагасьвецьце пайсьці
ён такі вынаходнік
адважны
няўрымсьлівы вершнік
ён такі...

сонца ўпала на ходнік
быў херас дапіты
пах дурманна язьмін
навяваючы сум
ён шукаў сабе рыфму
да слова ланіты
ты прылегла ў падушкі
і ўздыхнула: вазьмі...

Божа!
што ён шаптаў табе
ў вушка
ў міжножжа
у водар
дзьвюх прасьцінак
салёных ад поту
і не ...
захлыналася ты
і хацеў адвярнуцца
нечы цёмны партрэт
на зялёнай сьцяне

ён казаў табе потым
тут грэкі любілі
і готы
тут вачыма прахожых
пранікліва скіфы
глядзяць
і пытаюцца моўчкі
адкуль ты і хто ты
і за кожнага зь іх
буду браць цябе я

буду браць як
рабыню
гетэру
наяду
як русалку
з падводнага саду
дай мне яду
каханая
ад самоты

ты названая Клавай
бацькамі
і муж гэтак кліча
ну а ён Балаклавай
цябе ахрысьціў
гэта бухта
у Крыме
ён кажа:
ты – бухта
у ягоным кароткім
як чэрвень
жыцьці

ты лічыла што ён
не паэт –
вершаплётнік альбомны
з тых
якіх легіёны
і сьвет
іх трымае сабе на забаву
ды ўчора
ён на мове сваёй
прачытаў трыялет

ты зьдзівілася
келіх паўнюткі
здрыгануўся
ў тваёй паўнаватай руцэ
зразумела?
амаль нічагуткі!
лацінскае “цэ”
на рэцэпце ягоным
шматзначна маўчала

сарамлівы партрэт
быў уражаны
мовы чужой таямніцай:
што такое ліхтарня
спакуса
дзяньніца?
што такое пясьняр?
мо – паэт?

ён валодае
магіяй словаў
іх музыкай
колерам
пахам
ён з паветра табе
можа выткаць
санэт
зьзяе зорка Вэнэра
на чэрвеньскім даху
ён – паэт!

ён прамовіў нядаўна
ў кафейні
употай:
каб нам разам аднойчы
патрапіць у рай
хоць на лета
забудзем
пра нашы сухоты
хоць на лета...
пачула ты: Лета

кане
леташні князь з-пад Цхінвалу
у Лету
што апроч удавіцы
пакіне?
набор пісталетаў?
ты належыш паэту
Вэнэра на мове яго –
Мілавіца

колькі вам засталося
піць херас
з Масандры
і любіцца нагбом
пад сузор’ем Касцы?
колькі вам засталося
на рызыку йсьці
ў той альтанцы
сярод маладых алеандраў?


ты выходзіш на ганак
шчасьлівая
з Понтам Эўксінскім
новы ранак
спаткаўся
і новы санэт
ты кахаеш!
ты ў вечнасьць
ужо адплываеш
твой каханы – паэт!