Уладзімер Арлоў. Чаму ты не пазваніў маме?

У начным аўтобусе
паміж Менскам і Вільняй,
на небясьпечнай мяжы
явы й сну,
які любіць глядзецца
ў люстэрка, дзе –
сьцьвярджаў Авідзі –
хаваецца сьмерць,
мне прымроіўся тэлефон,
з якога можна пазваніць
тым, хто ўжо не пазвоніць табе.
Званкоў толькі тры,
і ты
мусіш зрабіць
імгненны выбар.

У таты я запытаўся
пра незнаёмую заплаканую жанчыну,
якую сустрэў у шпіталі
пры ягоным ложку,
калі ў таты заставаліся жывыя
адны толькі вочы.
У Купалы я запытаўся
пра жанчыну, якая сьмяялася
ў ягоным нумары
ў той вечар, калі яго забівалі
ў маскоўскім гатэлі.
У Борхеса я запытаўся
пра жанчынаў,
якія дзялілі з ім
ягоную бясконцую цемру.
Памежнік запытаўся пашпарт,
якраз калі я
прасіў дзявочы голас у слухаўцы
злучыць мяне
з Станіславам Аўгустам Панятоўскім,
каб запытацца пра
каранаваную жанчыну,
якая ператварыла ягоны трон
ува ўнітаз,
і дзявочы голас адказаў,
што я вычарпаў
колькасьць званкоў.
Забіраючы пашпарт,
я сьцяўся ад думкі,
што ўбачу там штамп:
ЧАМУ ТЫ НЕ ПАЗВАНІЎ
МАМЕ?