Уладзімер Арлоў. Калі-небудзь усё будзе апошнім

Калі-небудзь усё будзе апошнім:
апошні ранішні кубак
неверагодна моцнай
кенійскай гарбаты з малаком,
апошнія абдымкі жанчыны
з скураю колеру гэтай гарбаты
і апошнія жаночыя абдымкі наогул,
апошняя ангіна,
апошняя жменька суніцаў
са смакам тваіх смочак,
апошняя гульня з сынам
у пінг-понг,
апошняе нецэнзурнае слова
ў тваё пяшчотнае вушка
і апошняе слова
ў вуха Вечнасьці,
апошняя напісаная кніга
і апошняя кніга, якую разгарну,
апошні наведнік маёй вальеры,
як я называю гэтак званы кабінет,
і апошні наведнік
(лепей наведніца)
майго сэрца,
апошні келіх віна,
апошняя эрэкцыя,
апошняя вандроўка
па тваёй салодкай вагіне,
апошняя вандроўка
ў родны горад
і самая апошняя вандроўка
з большай ці меншай колькасьцю
спадарожнікаў і спадарожніц
у цёмных (але неабавязкова)
гарнітурах і сукенках,
апошні электронны
ці проста ліст,
які можа прыйсьці мне
або майму адрасату,
ужо калі ўладкуюся
ў сваім апошнім
транспартным сродку,
дзе складана напісаць
або атрымаць адказ
нават праз e-mail...
Чамусьці неадчэпна думаў
пра такія рэчы,
калі яшчэ не была вынайдзеная
электронная пошта,
а цяпер
штораз з большаю асалодай згадваю,
як усё тое, што будзе апошнім,
здарылася ўпершыню.