Уладзімер Арлоў. Вялікадне

Перад Вялікаднем
мама пякла
салодкіх птушачак
з вясёлымі вочкамі-разынкамі.
Я выкалупваў вочкі
з цёплых булачак,
потым плакаў,
што мае птушачкі – сьляпыя,
а пасьля
старанна еў гаротніц.
Мама казала, што
птушачкам вельмі балюча,
але, калі ты іх зьясі,
знойдуць яны свае вочкі
і – уваскрэснуць!
Мама, а што такое ўваскрэснуць?
А яны, сынок, ажывуць
і паляцяць да Божачкі.

Яшчэ зараз памятаю,
як шчасьліва засынаў
узброены недзіцячай ведаю:
уваскрэсьне той,
каму напачатку
выкалупаюць вочкі.