Уладзімер Арлоў. Андэрсэн і ты

Андэрсэн
(той, які напісаў “Дзюймовачку”
і “Брыдкае качаня”)
быў баязьліўцам і недарэкам:
жыў у страху, што яго
спакусяць,
атруцяць,
абрабуюць.
Андэрсэн
ня мог пазбыцца жуды,
што будзе пахаваны жывым
(пры ложку нязьменна
ляжала цыдулка:
“Насамрэч я не памёр”),
што згарыць у пажары
(з сабою заўсёды была вяроўка,
каб вылезьці ў вакно),
што загіне ў марскіх хвалях
(зьвестак пра ратавальнае кола
не захавалася).
Андэрсэн
баяўся памерці ад трыхінелёзу,
адно марачы пра
залацісты кавалак сьвежаніны.
Андэрсэн
ведаў, што
боязь адкрытай прасторы
дактары называюць агорафобіяй.
Андэрсэн
вечна пераймаўся тым, што
згубіў пашпарт,
дрэнна заклеіў канверт,
пераплаціў за білет.
Андэрсэн
усё жыцьцё пакутаваў, што
непрыгожы,
не падабаецца жанчынам,
ня ведае, што з імі рабіць.
Андэрсэн
памёр цнатлівы,
з ціхай радасьцю, што
нарэшце вызваліўся
ад болю
ў сваіх і ў штучных зубах.
Ты
добра заклейваеш канверты
(хоць у тваіх шыротах
таямніца ліставаньня
ад гэтага не залежыць).
Ты
не баішся пляцаў
(нават ачэпленых сьпецназам).
Ты
ясі сьвініну
і, вычвараючыся,
аддаеш перавагу
вушам і лычыкам.
Ты
не баішся, што цябе спакусяць.
Ты
ведаеш, што цябе пахаваюць
надзвычай надзейна
(дакладней – безнадзейна)
памерлым
і зусім не цнатлівым.
Цяпер зразумела,
чаму ты не напісаў
ні “Сьнежнае каралевы”,
ні “Новага ўбраньня караля”.