Аляксей Арцёмаў. Калі былая крыўда стане...

Калі былая крыўда стане
Нагодай новай для спаткання,
Калі знямога апануе
Ад лішку соннай цеплыні,

Ты недавер зруйнуй дазвання,
Дай рады застарэлай ране,
У сэрцы абудзі вясну – і
Мяне пяшчотай ахіні.

Зноў прыйдзе дзень, і будзе вечар…
У карагодзе справаў, рэчаў
Лёс блісне каляровым промнем
І незаўважна праміне,

І старасць ляжа нам на плечы,
А надалей чакае вечнасць…
І толькі зоркі будуць помніць,
Як свет ты падарыла мне.