Анка Упала. Аўтабіяграфічны раман (урывак)

У электрычцы мы плывем праз меланхалічныя прыгарады Стакгольма. Я сяджу ля вакна, за якім мільгаціць пярэсты кастрычнік – жоўтым, бурым, чырвоным, аранжавым, зялёным...

– Цікава, чаму дрэвы не дыскрымінуюць з-за колеру лісця? – кажа Тунтэматон. – Ніхто не лічыць, што жоўтае лісце горшае за чырвонае.

Розныя колеры – гэта прыгожа, – думаю я.

– Алена задумліва глядзіць у вакно, быццам знакамітая пісьменніца, – пацвельвае Сулаф. – Алена, напішы пра нас, гэта будзе добрая кніга. Напішы пра нас і пра кітайскі рэстаран, як мы любім туды хадзіць!

Мы рагочам. Ясмін частуе ўсіх піражкамі з шакаладнай начынкай, якія сама спякла.

Дзень някепска пачынаўся. Нішто не прадказвала таго, як ён скончыцца.

Учора мяне прызначылі адказнай за тое, каб Тунтэматон не спазнілася на аўтобус.

– Калі ты спознішся, то не трапіш у рай! – павучальна сказала ёй Ясмін, калі мы выйшлі з заняткаў па рэлігіязнаўстве, дзе толькі што паслухалі сем дакладаў, якія самі ж і падрыхтавалі. – Паасобку ехаць у Стакгольм нявесела.

Тунтэматон спазнілася на дамоўлены час, але я знарок прызначыла яго з запасам, і на аўтобус мы паспелі.

Затое яго правароніла Фартун. Збіралася паехаць з намі, бо ў пятніцу ў яе не было заняткаў па фатаграфіі, але праспала, і таму дабіралася асобна.
У Стакгольме мы сустрэліся з Астрыд каля станцыі метро і разам выправіліся па музеях. Потым схадзілі ў чарговы кітайскі рэстаран, толькі Фартун нічога не ела.

Яна заўжды рассыпаецца ў выбачэннях, калі не можа далучыцца да агульнага стала, ці калі доўга праглядае склад на бутэлечцы, а потым адмаўляецца ад напоя. Як і іншыя, Тунтэматон не ўхваляе эксперыментаў Фартун над сабой, бо тая з-за іх кепска пачуваецца, але калі Фартун пачынае выбачацца, Тунтэматон заўжды гаворыць:

– Ты не мусіш прасіць прабачэння, гэта твой выбар і твой лад жыцця, ты маеш на іх права.

У пачатку семестра ў Фартун скралі шклянку для фрэшаў, з якой яна хадзіла на заняткі і пацягвала адтуль свой сняданак праз саломінку, а цяпер новая бяда – зламаўся міксер. У рэстаране яна адмовілася і ад гародніны, якую я ёй прынесла, і ад фруктаў, якія прапаноўвала ёй Ніна.

– Я з раніцы наелася салатаў!

У Фартун анемія. Фартун настолькі слабая, што ў сваё дзяжурства ледзь змагла дацягнуць мех са смеццем да сметніцы. Таблеткі ад анеміі, якія ёй прапісалі, яна не п’е, ёй падаецца, што анемія – гэта нястрашна. Хоча даследаваць сябе. Гаворыць, што часам плача ўночы – «навошта я мучаюся?» – але верыць у тое, што праз паўгода наступіць асаблівы прасветлены стан, як абяцалі ў фільме, які яна паглядзела ў сеціве перш чым пачаць свой эксперымент.

Фартун усё ж троху пасёрбала соку, не апрацаванага тэрмічна. Надвор’е сырое і халоднае, сок таксама халодны з халадзільніка, складана выпіць яго за раз. Гэта адзіны падмацунак, які Фартун атрымала за час, які мы прабавілі ў той дзень разам.

Пасля экскурсій сямейныя аднагрупніцы раз’ехаліся па дамах, а мы ўтраіх – Фартун, Тунтэматон і я – засталіся ў Стакгольме. Зайшлі ў яшчэ адзін музей – танца. «Ды ён платны» – «Ды бясплатны» – «Платны» – «Бясплатны» – «Зараз праверым». Бясплатны. Паўсюль шуфлядкі з надпісамі «адчыні мяне». Адчыняеш – спявае песенька альбо грае музыка…

Паліцэйскай я сказала, што да таго, як усё здарылася, у прывакзальным фаст-фудзе мы знаходзіліся секунд дваццаць, але цяпер разумею, што секунды тры-чатыры. Тунтэматон зайшла першая, я – за ёй, апошняй клыпала Фартун. Мы хацелі пачакаць хвілін дзесяць у цеплыні, пакуль не прыедзе электрычка, але нават прысесці не паспелі. За сваёй спінай я пачула мужчынскія рыкі, гукі бойкі, грукат мэблі. Паварочваюся – і бачу, што паміж двума мужчынамі, як агенчык у сваёй чырвонай куртцы і з паласатай, як у Бураціна, шапкай на кучарашках стаіць Фартун, узняўшы ўверх свае празрыстыя рукі. Засланяе сабой аднаго ад другога – «Спыніцеся, што вы робіце!». Мужчыну, які перад ёй, яна мо дастае макаўкай да пляча. Гэта мажны белы дзядзька гадоў шасцідзесяці, у акулярах, кепцы, з доўгімі сабранымі ў хвост сівымі валасамі, са злосным і свіным выразам твару. У наступны момант ён робіць замах рукой і – я не магу даць веры вачам – б’е Фартун. Яна падае спінай на стол, закрываючы твар рукамі. Мужык замахваецца нагой, але крэслы замінаюць, нязручна біць...

Дзіўна, як шмат можна паспець падумаць у адзін момант. Я падумала, што калі ўдару яго, будзе толькі горш. Зрэшты, калі інакш не атрымаецца, я гатовая ззаду яго крэслам па башцы ляснуць. Я апынаюся побач з імі, прыгнуўшыся, абхопліваю Фартун за плечы і адцягваю ўбок са словамі: «vi går bort, vi går bort, vi går bort»*. На маім запясці боўтаецца пакет з сувенірамі, якія я купіла ў тэхнічным музеі. Мужык яшчэ кідаецца ў розныя бакі і раз’ятрана раве.

У наступны момант сівы, як лунь, белы дзядулька, які пры хадзе абапіраецца на спецыяльны вазок, абвяшчае, што вось у гэтага мужыка са свіным тварам толькі што спрабавалі скрасці заплечнік, праверце, ці на месцы вашыя гаманцы з грашыма!

Тым, як пачуваецца Фартун, дзядулька не цікавіцца.

Параіўшыся з Тунтэматон, я прашу супрацоўнікаў выклікаць паліцыю. Тунтэматон гаворыць, што пофіг на цягнік, мы дачакаемся паліцэйскіх. Ахова заблакавала выхад.

Свінатвары мужчына спакойна жарэ сваю порцыю ежы, ні на каго не глядзіць, толькі з дзядком пасміхаюцца адно адному.
Фартун сядзіць, павесіўшы нос. Аднекуль вынырвае жанчына, якая прадстаўляецца журналісткай і просіць расказаць, што здарылася, але Фартун не хоча нічога казаць ні ёй, ні ахове.

Дзе той чалавек, якога яна сабой закрывала, не маю ўяўлення. Тунтэматон пазней сказала, быццам затрымалі і яго.

Чарнаскуры мужчына паведамляе нам, што таксама гатовы быць сведкам нападу, калі прыедзе паліцыя.

– Фартун, ніколі-ніколі-ніколі не ўлазь паміж мужчынамі, якія б’юцца! – кажа Тунтэматон.

– Ёсць, мама, – Фартун дакранаецца пальцамі да скроні, – больш ніколі не буду. Але давайце мы пойдзем. Я не хачу болей думаць пра гэта. Я ж сама вінаватая. Сама ўлезла. Хай ён ідзе. Ён жа прыйшоў паесці, а тут такое…

– Не, ён проста так не пойдзе, – кажа Тунтэматон, – ён нават не папрасіў прабачэння.

– Я не думаю, што ягонага прабачэння было б даволі, – гавару я. – Фартун, ён ударыў цябе. Ты магла загінуць, магла стукнуцца галавой. Калі б ты апынулася на падлозе, ён відавочна пінаў бы цябе. Для яго біць жанчыну нармальна. Ты хочаш быць добрай, але, дазваляючы яму пайсці, дазваляеш яму біць іншых.

Фартун дае паказанні.

Паліцэйская дапытвае нас і запісвае нашыя кантакты. Фартун павінны даслаць ліст са справаздачай па яе заяве. Яна не хоча даваць адрас цёткі, тая будзе хвалявацца. Які ў нас адрас інтэрната? Фартун зусім разгубілася і не памятае. Я паказваю паліцэйскай старонку з кантактамі школы на сваім тэлефоне.
Магчыма, нас яшчэ дапытаюць з перакладчыкамі на родную мову, каб ведаць больш дэталяў. Якая нашая мова? Паліцэйская запісвае:

– Самалійская.
– Руская.
– Арабская.

-----------
*мы сыходзім