Анка Упала. Маё сумленне – інтэрсекцыянальная феміністка

Маё сумленне – інтэрсекцыянальная феміністка,
Яно прыгнятае мяне, абмяжоўвае маю свабоду.
Я маю права пажартаваць пра «жаночую логіку», я ж па-добраму,
Бо ў мяне добрае пачуццё гумару, і сам я добры.
Я маю права сказаць «жыць, як белы чалавек»,
Ці назваць мужчыну гістэрычкай, ці спытаць, «што ты, як баба?»!
А сумленне кажа: не, не маеш.
Я мог бы выдаць важную кнігу з фотаздымкамі, дзе падпісаныя імёны мужчын,
А жанчын – далёка не ва ўсіх выпадках,
Ці напісаць раман, дзе размаўляюць сэнсоўна толькі мужчыны −
Гэта і ёсць свабода творчасці!
А сумленне гаворыць: што за фігня?
Я хачу гаварыць: гомасэксуалІСТЫ! Чуркі, хахлушкі і, вядома, негры!
А яшчэ − жыды! Бо ў беларускай мове гэтае слова не мае адмоўнага значэння!
На жаночае свята я хачу жадаць: заставайцеся такім ж прыгожымі, радуйце нас і натхняйце.
А сумленне падказвае: не гавары так і не пішы такіх віншаванняў.
На халеру мне паэткі, фатографкі, філосафкі,
Калі ёсць паэты, фатографы і філосафы?
Калі я заходжу ў памяшканне, я хачу вітацца толькі з мужчынамі,
Дужа паціскаць ім рукі, а прысутным паненкам хіба цалаваць ручкі,
Ці зусім не вітацца, калі не маю настрою на флірт!
Але сумленне гаворыць мне, што гэта не ўсім спадабаецца.
Я хачу перабіваць жанчыну, як толькі яна адкрыла рот,
Бо я лепш ведаю.
А яно кажа: памаўчы, дай ёй дагаварыць. Ці нават: спытай, што яна думае.
Альбо: не лічы, што яна хоча цябе абразіць, калі спрачаецца з табой.
Урэшце рэшт я хачу ставіць ногі як мага шырэй, калі сяджу ў цягніку метро!
Што? Ссунуць іх?
Ды што гэта, калі не нянавісць да мяне?
Што гэта, калі не сапраўдныя рэпрэсіі?
Што гэта, калі не вынішчэнне ўсяго, што ёсць па-сапраўднаму мужчынскім?
І дарэчы, чаму маё сумленне − яно?
Гендэрквір? − ты кажаш?
Маё сумленне − інтэрсекцыянальная феміністка і гендэрквір?!
БАХ!!!
Лірычны герой лопаецца. Бо гэта ўжо занадта для любога.
Ніхто не вытрымае такога ціску.