Андрэй Адамовіч. Барбі і Кен шацкага разліву

Барані, Божа, усіх, хто жыве пад парафінавым небам.
Ты паслаў Габрыеля з добраю весткаю, а ён
нажэрся па дарозе і заванітаваў усю зямлю мокрым снегам,
а пасля ўпаў з вышыні ў стог пахучае мяты
на двары лікёра-гарэлачнага заводу. І цэлыя дзевяць месяцаў,
калі алкаголікі вызвалялі рыльца бутэлькі з бранябойным напоем,
з-пад карку вылятала белае пер’е і казытала ім у носе.

Барані, Божа, усіх, хто а шостай ранку, узяўшы ў торбы бухла,
сядае ў раздзяўбаны, нібы Табой чарапаха, міжнародны аўтобус,
глядзіць у шыбу, на якую прыліпае мокры снег, адчувае плячо сябра
і чакае, калі кіроўца націсне на газ. І як толькі ён гэта робіць,
дзеўка, што разам з сапраўдным пацаном села ззаду,
пачынае апавядаць гісторыю свайго жыцця па панятках.

Першыя пацалункі, першы ўдар жыцця рыдлёўкай па рэбрах
з дэманстрацыяй шнараў – вам з сябрам нябачна, –
першы літр самагону і страта цноты, якую яна не запомніла.
І ўсё яе жыццё праходзіць перад вашымі вачыма,
і вы ўжо пачынаеце верыць, што хтосьці з вас мусіць памерці.
– Дваццаць год, – кажа яна. – Мне дваццаць год.
Божа, думаеце вы, ёй дваццаць год,
а яна ўсё яшчэ спадзяецца паставіць жыццё ракам.
– Ну, – кажа твой сябра, – за агіяграфію.
– І за ракападобных, – дадаеш ты, ён, як звычайна, не супраць.

На мяжы кіроўца спрабуе прадаць некалькі расійскіх пашпартоў,
а яна апавядае пра свайго былога каханка, ён тры разы ўдарыў яе нажом,
але яна кахае яго і дагэтуль, бо ён лепш за ўсіх гуляе ў інтэлектуальныя гульні.
– У што? – не разумее сапраўдны пацан.
– У што? – не разумееце вы з сябрам.
– У гульні, якія вымагаюць высілкаў інтэлекту, – тлумачыць яна.
Вы разумееце, што вашай яна не будзе ніколі.

– А яшчэ ў мяне быў пацан, – кажа яна, – ні цыркуля не мужык,
ён нават не мог мне даць па твары і ў яго быў парфум ад Kenzo.
У гэтай гісторыі вы не разумееце толькі адно, як яны наагул пазнаёміліся?
А пасля, і гэта ўжо поўная для вас неспадзяванка, яна пытае:
– Пацаны, вы ў Шацк едзеце?
– Куды? – не разумееш ты.
– Куды? – не разумее твой сябра.
І нават Габрыель на адно імгненне падымае галаву і пытае:
– Куды? – І тоны снегу выліваюцца на ваш аўтобус.

– У Шацк, на рынак, вы што, пра Шацк не чулі?
І трыццаць з нечым галоваў паварочваюцца да вас,
і кіроўца кідае стырно і глядзіць на вас вачыма, якія большыя за фары.
– Не, – гаворыш ты, а твой сябра падносіць рыльца да вуснаў.
І яны глядзяць на вас, а вы робіце такі выгляд,
маўляў, сапраўдныя пацаны не ездзяць у Шацк,
сапраўдныя пацаны едуць нашмат далей.
А яны ківаюць галовамі і ўсё-ўсё разумеюць –
што вы проста два лохі, якіх развесці адна асалода,
але яны занятыя, бо едуць у Шацк.

А кіроўца нават пускае слязу, бо думае,
што зараз вас развядуць, як сляпых шчанюкоў,
а яму трэба трымацца за стырно і ён усё прапусціць.
Яна кажа свайму пацану паўшэптам:
– Сапраўды кажу табе, яны едуць у Шацк,
проста яны таксама ні цыркуля не людзі, думаюць нас развесці.
Кіроўца спыняе аўтобус і абвяшчае, што
Шацк – старажытны горад леваруч ад нашага чоўна.

І пятнаццаць з нечым паголеных хлапечых галоваў выходзяць у дзверы.
І пятнаццаць з нечым пабеленых дзявочых галоваў выходзяць у дзверы.
І толькі вы з сябрам, ды яшчэ кіроўца, застаяцеся ў салоне.
І Габрыель нарэшце знаходзіць у сабе сілы і сядае на купе мяты,
ён дастае з-пад пер’я цыгарэты і падпальвае адну ад свайго
пагнутага німба з калючага дроту пад высокай напругай.

І пакуль ён паліць смярдзючую цыгарэту, аўтобус едзе далей
і далей і губляецца ў завірусе, і Шацк застаецца дзесьці далёка ззаду,
а яны набываюць швэдры і джынсы, красоўкі і спартовыя капелюшы,
і сапраўдная дзеўка пад хваляю ўспамінаў набывае сапраўднаму пацану
пляшачку Kenzo, каб выпіць яе на зваротнай дарозе.

Яны яшчэ не ведаюць, што яе не будзе, бо Габрыель нарэшце
выпрастоўвае крылы, уздымаецца ў неба і набірае поўныя далоні
людзей проста з рынку і наколвае ўсіх раздзяўбаеў на калючкі свайго німбу:
хутка Божае нараджэнне, а на свята нават анёлу хочацца быць прыгожым.

Пад высокаю напругаю яны пачынаюць біцца ў сутаргах і выконваць
сапраўдныя народныя танцы, якія жывуць дзесьці глыбока ў іх падсвядомым.
Але яна доўга-доўга трымае ў руцэ пляшачку Kenzo,
кранальна прыціскаючы яе да грудзей, так, як прыціскала б дзіцятка,
калі б яно было ў яе. Можа, таму, што ўсё ж такі разумее,
чаму ён не мог даць ёй па твары, а можа, таму, што ў яе больш няма нічога.
Але калі Габрыель падымаецца пад самыя Божыя вочы,
яе пальцы не вытрымліваюць напругі, і пляшачка ляціць уніз скрозь аблокі.

І ад тэмпературы дзеўка, і яе сябар, і ўсе людзі, што з рынку
ўзнесліся проста ў неба, плавяцца, як свечкі ў царкве.
І сцякаюць долу на парафінавыя нябёсы.
І робяцца іхняю часткай.

А ваш кіроўца заглыбляе свайго вернага сябра ўсё далей ва Украіну,
і толькі вялікая зорка ў небе вядзе яго праз віры снегу,
і ён неўпрыкмет пачынае абвяшчаць прыпынкі не па-расійску.
Твой сябра робіць чарговы глыток з рыльца і кажа:
– Што гэта з самагонам, браце, няўжо цуд і ён ператварыўся ў Kenzo?
Ты спрабуеш самагон і сапраўды адчуваеш гэты
модны ў тваім юнацтве водар мужчынскае парфумы.
– Гэта не Kenzo, браце, гэта міра.
– Міра? – перапытвае сябар.
– Так, гэта міра, а тытунь ператварыўся ў ладан.
Тэксты


Таўсціла і лешч (урывак з навелы)

Дзень паэзіі
Падчас чакання букалічнае элегіі
Кантрапункты
Не будзіце яе
Я хацеў бы жыць на востраве…
Яна ведае пахі сноў…
Шостае вяртанне
Каляднае
Айцец Піё думае пра СПА
Хайдэгер Лох
Гэта зімо нвт мае врш сталі крцейшы…
Я сёння зайшоў у Вікіпедыю…
Калі паміраюць паэты…
Верш на Свабоду
Выходзіш на двор з разбітымі кулакамі…
Мае яйцы
Беларуская мова Ш.

Смерці дзень

Смерць у Вільні
Воўк
Калі паедзеш да мяне, малы, цягніком на поўнач...
Мой Хрысце, табе прывітанне ў Тора-Бору і ў Гаўтаму...
Хрыстова пупавіна
Малако
Італійцы
Габрыель Гарсія Маркес
Заўсёды твой, маленькі Хуан Пабла
Цвік, каторы заўсёды з табою
Новае жыццё
Нават самымі спякотнымі…
Барбі і Кен шацкага разліву
Халат
Паўгода
Хвалі
Баба Мароз і чырвоны стос
Замовы
Ад крызісу

Дзень паэзіі смерці дзень

Дзень паэзіі смерці дзень

Відэа


Цвік, каторы заўсёды з табою