Андрэй Адамовіч. Хайдэгер Лох

Метрапалітэн у гэтым горадзе пабудавалі на выпадак тэрмаядзернай вайны.
Ёсць таксама апокрыф, што збіраліся здымаць тут фільмы жахаў.
У любым разе, абедзве гіпотэзы падаюцца слушнымі.

Але ён сабе паспяхова функцыянуе:
з помпаю адкрываюць новыя станцыі, штрэйкбрэхеры кіруюць цягнікамі,
і штосьці там пра ўсё гэта пішуць у газеце «Чырвоны каляінец».

І вось аднаго разу машыніст спыняе цягнік на цэнтральнай станцыі.
І пачынае пераапранацца ва ўсё белае.

Людзі сабе выходзяць, ідуць кудысьці. Людзі заходзяць,
маленькія атамы, якія, у прынцыпе, гатовыя да атамнай вайны,
але неяк пра яе не думаюць. Машыніст замыкае дзверы.

І нечага чакае, увесь у белым. Атамы пачынаюць броўнаўскі рух,
знаходзяцца сляпыя і саслеплыя, якім тэрмінова патрэбна сесці,
хтосьці кажа ў перагаворнае прыстасаванне «Хайдэгер – лох»
і яшчэ не ведае, наколькі гэта нагадвае праўду.
Але збольшага ўсе астралябяць па мабільных і наагул нічога не заўважаюць.

Міліцыянт падыходзіць да кабіны машыніста і грукае кійком у шыбу.
Машыніст спускае порткі і паказвае яму цыркуль.

І рэзка націскае на газ, або на што там трэба націскаць.
Сляпыя лятуць долу, саслеплыя пысамі б'юцца аб парэнчы.
Але збольшага ўсе працягваюць астралябіць па мабільных.

Праз некалькі перагонаў у вагонах пачынаецца паніка.
Адзін апазіцыянерчэг крычыць:
«А-а-а, на бабровых перагонах,
А-а-а, і зялёны папугай...»
Але ніхто на яго не звяртае ўвагі.

І вось у той момант, калі ён і сам перастае звяртаць на сябе ўвагу,
цягнік уцыркулюецца ў другі цягнік, які ягоны машыніст вядзе насустрач.
Тыя дзяды, якія засталіся жывыя, як адзін, першае, што сказалі: «Ніцыркулясе!..»

А бабкі сказалі: «Ногімнеўрот!..»
У момант забыліся, карацей, пра разбэшчаную моладзь, неадукаваную, штоастралябец.
А вось маладыя ўпалі ў роспач.

Ляжалі ў больніцах на белых з чырвонымі плямамі ложках, у палатах і калідорах,
малады чарнявы хлопец з адарванаю нагою, і ягоная дзяўчынка, што амаль і не пацярпела,
з тварам белым, нібыта старонка, прызначаная для заўваг чытачоў «Быцця і часу»,
кнігі Хайдэгера, на якой ніколі нічога і не пішуць.

Ляжалі і маўчалі. Да іх прыходзілі журналісты і культурысты,
прэм'ер міністр, і шмат яшчэ хто прыходзіў,
а яны ўсё маўчалі, нібы была ў іх нейкая страшная таямніца.

Бо калі іх кідала аб каменныя сцены вагонаў,
калі яны былі на мяжы, якую адчувалі неяк скураю,
як рыбы адчуваюць пагойдванне вады,

яны і сапраўды займелі адну на ўсіх страшную таямніцу.

І вось яны ляжалі, раскіданыя па ўсіх гарадскіх больніцах,
і не ведалі, што рабіць з гэтай страшнай таямніцай.

Бо яны зразумелі, чаму машыніст апрануўся ва ўсё белае.
Белае штоастралябец. Такое белае, што нават гідраперыт у параўнанні абламаецца.

А я дык вось не ведаю, што яны там зразумелі.
Бо мяне не было ў тым цягніку, і не было ніколі наагул такога рэйсу ў тым горадзе,
бо ў тым горадзе і метро ніколі і не было.

Бо той горад зруйнавалі яшчэ ў вайну.
І хто толькі ні думаў яго адбудаваць, але не даваў рады.

Можа, гэта яны і зразумелі, маленькія атамныя рыбкі,
якія неяк скураю адчувалі сваю прывіднасць.

Яе кожны можа адчуць скураю.
Прывіднасць у вадзе часу.
Прывіднасць у вадзе быцця.
Прывіднасць у вадзе Хайдэгера.
Тэксты


Таўсціла і лешч (урывак з навелы)

Дзень паэзіі
Падчас чакання букалічнае элегіі
Кантрапункты
Не будзіце яе
Я хацеў бы жыць на востраве…
Яна ведае пахі сноў…
Шостае вяртанне
Каляднае
Айцец Піё думае пра СПА
Хайдэгер Лох
Гэта зімо нвт мае врш сталі крцейшы…
Я сёння зайшоў у Вікіпедыю…
Калі паміраюць паэты…
Верш на Свабоду
Выходзіш на двор з разбітымі кулакамі…
Мае яйцы
Беларуская мова Ш.

Смерці дзень

Смерць у Вільні
Воўк
Калі паедзеш да мяне, малы, цягніком на поўнач...
Мой Хрысце, табе прывітанне ў Тора-Бору і ў Гаўтаму...
Хрыстова пупавіна
Малако
Італійцы
Габрыель Гарсія Маркес
Заўсёды твой, маленькі Хуан Пабла
Цвік, каторы заўсёды з табою
Новае жыццё
Нават самымі спякотнымі…
Барбі і Кен шацкага разліву
Халат
Паўгода
Хвалі
Баба Мароз і чырвоны стос
Замовы
Ад крызісу

Дзень паэзіі смерці дзень

Дзень паэзіі смерці дзень

Відэа


Цвік, каторы заўсёды з табою