Андрэй Адамовіч. Падчас чакання букалічнае элегіі

Таццяне Нядбай

Калі я прачынаюся на світанні,
мне не хапае часу на тое,
каб даведацца, хто перамог.
Калі я падпальваю сваю першую цыгарэту,
мне бракуе паветра на тое,
каб зайсціся ў кашлі.
Калі я п’ю першы ранішні кубак кавы,
дык не кладу цукру,
бо калоцяцца мае рукі.

Але не істотна гэта.
Але.
Але.
Але не істотна.

Калі ўдзень я скошаным полем іду,
мне не хапае асфальту,
каб пабачыць, як варыцца паветра.
Калі я гляджу на аблокі,
мне бракуе вострых суворых формаў,
каб адарвацца ад сваіх думак.
Калі я стаю пры дрэве,
дык чакаю першых кропель дажджу,
бо мне сумна ў адзіноце.

Але не істотна гэта.
Але.
Але.
Але не істотна.

Калі я адчуваю пальцы ветру на скуры,
мне не хапае пачуцця гумару,
каб Барэю прамовіць энцыкліку.
Калі я хапаю сонца за валасы,
мне бракуе хуткасці ў думках,
каб заплесці салярныя тэксты.
Калі я заходжу ў ваду прыўкраснага возера,
дык не плаваю доўга,
бо зацягваць нешта не мае сэнсу.

Але не істотна гэта.
Але.
Але.
Але не істотна.

Калі я саджуся за стол,
мне не хапае ўпартасці,
каб з’есці абед цалкам.
Калі вяскоўцы збіраюць сена,
мне бракуе словаў, каб апісаць,
як конь у зубах трымае сухую траву.
Калі я слухаю сябра,
дык гляджу яму ў вочы,
бо думкі мае далёка.

Але не істотна гэта.
Але.
Але.
Але не істотна.

Калі я бяру ў рукі кнігу,
мне не хапае ўвагі на тое,
каб зразумець, што папера і туш – літаратура.
Калі я забіваю камара на сваёй шыі,
мне бракуе літасці на тое,
каб не размазаць яго ад вуха да падбароддзя.
Калі я бачу, як дзяўчаткі ідуць паўз возера,
дык адварочваюся хутка,
бо не жадаю быць смешным.

Але не істотна гэта.
Але.
Але.
Але не істотна.

Калі я бяру ў руку асадку,
мне не хапае волі,
каб да нататніка дацягнуцца.
Калі я бачу, як сонца сядае на захадзе,
мне бракуе фантазіі і натхнення,
каб уявіць, што зранку яно з’явіцца на ўсходзе.
Калі зіхацець пачынае першая зорка,
дык я падпальваю дваццатую цыгарэту,
бо прыемна быць падобным да Дэміурга.

Але не істотна гэта.
Але.
Але.
Але не істотна.

Калі я засынаю ў ложку,
мне не хапае тваіх уздрыгванняў,
каб адчуць вастрыню быцця.

Але.
Тэксты


Таўсціла і лешч (урывак з навелы)

Дзень паэзіі
Падчас чакання букалічнае элегіі
Кантрапункты
Не будзіце яе
Я хацеў бы жыць на востраве…
Яна ведае пахі сноў…
Шостае вяртанне
Каляднае
Айцец Піё думае пра СПА
Хайдэгер Лох
Гэта зімо нвт мае врш сталі крцейшы…
Я сёння зайшоў у Вікіпедыю…
Калі паміраюць паэты…
Верш на Свабоду
Выходзіш на двор з разбітымі кулакамі…
Мае яйцы
Беларуская мова Ш.

Смерці дзень

Смерць у Вільні
Воўк
Калі паедзеш да мяне, малы, цягніком на поўнач...
Мой Хрысце, табе прывітанне ў Тора-Бору і ў Гаўтаму...
Хрыстова пупавіна
Малако
Італійцы
Габрыель Гарсія Маркес
Заўсёды твой, маленькі Хуан Пабла
Цвік, каторы заўсёды з табою
Новае жыццё
Нават самымі спякотнымі…
Барбі і Кен шацкага разліву
Халат
Паўгода
Хвалі
Баба Мароз і чырвоны стос
Замовы
Ад крызісу

Дзень паэзіі смерці дзень

Дзень паэзіі смерці дзень

Відэа


Цвік, каторы заўсёды з табою