Андрэй Адамовіч. Таўсціла і лешч (урывак з навелы)

Тры сябры выпраўляюцца ў рыбу. Максім мусіць злавіць ляшча. Ён добра ведае стратэгію і тактыку лоўлі вялікай рыбы, шматлікія хітрыкі. Але вось ужо два гады яму не шанцуе. Ці дасьць ён рады гэтым разам? Ці выцягне ляшча?
Ці могуць вячоркі з алькаголем ля вогнішча скончыцца панажоўшчынай? Можа быць, мясцовыя скрадуць вуды? А калі сяброў разарве мядзьведзь? Нельга выключаць і пытаньня “А ці ня ўтопіцца хто зь іх?” Як завуць двух астатніх сяброў і чым будуць займацца яны? Адказы на гэтыя загадкі – у кнізе. Таксама вы можаце выкарыстоўваць яе як кароткі даведнік па фідарнай лоўлі і галяктычных падарожжах.
Для шырокага кола чытачоў.


Парася, парася,
прэўраціся ў карася!
З анэкдоту


– І каб ані цягаў. Каб не цягаў. Каб ані бачыў яго, ані чуў. Каб анібачыў. Каб ані кругоў па вадзе. Кабані кругоў. Каб вышмаргнуўся шнур. Каб вышмаргнуўся. Каб зламаў зазубень. Каб зазупень. Каб ані лускі табе. Кабані лускі. Каб ані сэлфі зь ім. Ані сэлфі. Каб матыль падох. Каб падох. Каб апарыш – у мух. Кабу мух. Каб ані лускі, каб ані хваста! Кабані хваста. Амін!

Марыя й Максім усталі з каленяў. Да пачатку малітвы мужчына піў гарбату. Ён зрабіў на дваіх, але жонка, толькі ўвайшоўшы ў кухню, укленчыла й не варушыла тварам, пакуль Максім не далучыўся да яе. Цяпер, адмаліўшыся на рыбалку, яны селі за стол.

– Як думаеш, прыйдзе лешч? – запыталася Марыя.
– Не, – без інтанацыі адказаў муж. – Ня прыйдзе, бо ня мае ног. І ня клюне, бо ня мае клявала. І не паркану, бо ня маю талёнаў.

Жонка колькі разоў дробна кіўнула, паглядзела на мужа і ўсьміхнулася.

Прагноз на заўтра быў лепшым, чым на папярэднія восемдзесят восем дзён, калі Максім выпраўляўся ў рыбу. Ён езьдзіў штотыдзень, нават узімку, знаходзячы месца, дзе ня стаў лёд. Езьдзіў калі на адзін дзень, выправіўшыся зранку, а калі й на ноч.

І вось ужо восемдзесят восем рыбалак ён ня мог злавіць ляшча. Максім устаў. Жонка паклала далонь на плячо мужу.

– Вы дамовіліся на шэсьць. Будзеш чакаць.

Максім сеў на зэдлік каля стала. У пакоі залівіста заплакаў Ян. Марыя асьцярожна паставіла кубак на стол. Склала рукі, нібы зноў зьбіралася маліцца, устала на лік “сем” і пайшла да малога. Максім уключыў тэлевізар і падышоў да дзьвярэй у пакой. Ён пастаяў так з паўхвіліны. Жонка супакойвала сына, спрабуючы яго закалыхаць.

Максім вярнуўся на кухню і выйшаў на гаўбец. Узяўшы торбу, вынес яе ў вітальню, а сам вярнуўся на гаўбец. Акно ў пакой яшчэ не расчынілі, бо ў гэты час на дварэ было гарачэй. Запаліў. Стужка дыму, разьдзяліўшыся на два амаль аднолькавыя ланцужкі, нагадала яму сьпіраль ДНК, і мужчына падумаў, што ад таго ляшча, па якога едзе, сам ён адрозьніваецца вельмі нязначна – такая ж машына для абароны добра скамбінаваных бялкоў, што навучыліся капіяваць самі сябе.

Максім скрывіўся і сплюнуў, спрабуючы трапіць у галіну чарэшні, якая расла мэтры за тры. Сьліна трапіла на кару. У той самы момант ён падумаў і пра ДНК дрэва. Патушыў даўгі недапалак, крыху пастаяў нерухомы і выйшаў у вітальню.

Калі ён забэрсаў боты і выпрастаўся, Марыя зь Янам на руках выйшла з пакоя. Хлопчык ужо зусім ня спаў, хаця мусіў бы яшчэ з гадзіну. Максім адвёў вочы ад малога.

– Куды тата едзе? Ааа? Як думаеш, Яне?

Хлопчык не адказаў дый ня змог бы. Максім узяў малога й прытуліў да сябе. На хвіліну бацька адчуў, як б’ецца сынава сэрца, адразу ж прыгадаўшы выпадак з уласнага дзяцінства. Бацька адрэзаў галаву жывому карпу. І зь яе раўнамернымі, нібы адмеранымі мэтраномам, штуршкамі цякла густая, як мёд, амаль чорная, ліпкая кроў. Максім аддаў малога жонцы й адамкнуў дзьверы. Марыя памахала сынаваю рукою на разьвітаньне. Мужчына зачыніў за сабою дзьверы і націснуў на кнопку замка. Пасьля пстрычкі працёр вочы перадплеччам.

Максім пад’ехаў бяз чвэрці шэсьць. Швагер не адказаў на званок. Віктар жыў на Трактарным заводзе, у доме, які будавалі для ідэальных, а засялілі сапраўднымі працоўнымі. Ня ведаючы слова “ляпніна”, яны не заўважалі яе. Максім адчыніў акно, адкінуў крэсла, падумаўшы, што, каб карцінна нацягваць на вочы кепку, трэба яе завесьці. Заплюшчыў вочы й паляжаў колькі хвілінаў, але сон ня йшоў.

Максім выцягнуў тэлефон і залез у сьпіс кантактаў. Хаця пералік быў даўгі, каго набраць не знайшлося. Ён праглядзеў сьпіс яшчэ раз, але вынік быў той самы. Былыя сябры, добрыя знаёмыя, ледзь знаёмыя – ён амаль перастаў зь імі кантактаваць пасьля таго, як пачаў лавіць рыбу. “Каб ані ўздрыгу на квівэртыпе. Каб табе хвалі ні паклёўкі не паказалі”, – Максім узгадаў словы й схаваў апарат. Спачатку яны проста пераводзілі размовы на іншае, пасьля – намагаліся хутчэй скончыць размову, нарэшце – наогул не пачынаць яе. Яны асуджалі яго так, нібы ведалі нейкі сапраўдны шлях да ўратаваньня, ці ведалі, што такога шляху ў прынцыпе не існуе.

Ля пад’езда Віктара, дзе быў таксама ўваход у пастарунак, два маладыя мянты з тэрміновых вартавалі трох пацяганых дзевак. Адну ці сапраўды хістала, ці яна рабіла выгляд, каб зрэдчас прытуляцца да мянта, што адштурхоўваў яе, але ні разу ня пхнуў па-сапраўднаму.
На ганак выйшаў афіцэр і запаліў. Неўзабаве пад’ехала машына, і дзевак пад іх уласны сьмех загрузілі ў яе. Адна зь іх пасьпела састроіць вочкі Максіму. Ён адчуў сябе нібы пасьля працяглай п’янкі – хацелася кінуць усё й пачаць жыцьцё нанова. Але ні ўчора, ні наогул у гэтым месяцы ён ня піў. Мужчына зразумеў, што кінуць усё хочацца выключна тым, хто нічога й ня мае. І міжволі расьцягнуў вусны ва ўсьмешцы, задаволены пачуцьцём ад уласнай сфармуляванай думкі.

Швагер грукнуў нагою ў дзьверкі машыны.

– Што ты робіш?
– Ня сцы ты, ледзь што, падрыхтуем тваю брычку. Ладна, ты мне скажы, дакладна на ўвесь дзень? Можа, бліжэй куды, дый вечар адсядзім?

Максім ікнуў і на некалькі сэкундаў задумаўся, гледзячы ў люстэрка задняга агляду.

– Мы ж дамовіліся.
– Дамовіліся, дамовіліся, пытаю проста. Ладна, пачакай, дахаты трэба на пяць хвілін.

Віктар грукнуў дзьвярыма пад’езда. Швагер пагаджаўся на рыбалку рэдка, увесь час прыдумваючы новыя акалічнасьці. Максім напісаў яму паведамленьне: “Грукні кулаком! Пакажы, хто мужык!” Віктар не адказаў. Максім зноў ікнуў, гэтым разам гучней. Яму падабалася гэтае адчуваньне, і нічога прадпрымаць ён не зьбіраўся.

Паклаў рукі на стырно й стаў загінаць пальцы, пачаўшы зь мезенца левай рукі, пасьля – разгінаць у адваротным парадку. Набраў швагра. Віктар узяў, але гаварыць ня стаў. Максім пасьпеў пачуць толькі “…сваім апарышам!”, вымаўленае жанчынай, і скончыў званок, бо гэтыя словы, хаця й тычыліся яго, яму не прызначаліся. Мужчына выйшаў з машыны і адкрыў багажнік. Разгарнуў пакунак з матылём-ліманьнікам і панюхаў яго. Узгадалася адначасова мора й сродак ад насмарку.

– Раз па тлустай дупе!

Віктар адчувальна пляснуў Максіма, які зноў прапусьціў момант зьяўленьня швагра.

– Жонку сваю хапай, надакучыў.
– У яе не такая тлустая срака, як у цябе. Ты б на дыету сеў цілі што?
– Гэта таму, што я дома сяджу.
– Мне неяк усё адно. Ладна, паказвай, чо ўзяў.

Максім моўчкі паказаў Віктару ліманьніка, матыля на зазубень, апарыша белага й фарбаванага, чарвякоў, пакункі з прыкормкай, араматычныя прысадкі, шарыкі пенаплясту. Ужо ў машыне Віктар запытаў:

– Думаеш, трэба было белую прыкормку браць?
– Пачнём з чорнай. На страхоўку.
– А я ж таксама араматыкі ўзяў. На вось.

Віктар выцягнуў з-пад ног белы пакунак. Максім разгарнуў яго й пасьпеў разгледзець шкляны літровы слоік з плястыкавай накрыўкай. Ён удыхнуў і ледзь не званітаваў – з пакета ішоў моцны пах лайна. Максім адкінуў пакунак Віктару на калені й выскачыў з машыны.

– Што гэта, бл-дзь!? Ідыёт!
– Араматыка на ракаў. Усю ванную сабе прасьмярдзеў, пакуль куру гнаіў. Трэба яшчэ па рачэўні заехаць.

Максім пастаяў з хвіліну, абапіраючыся аб капот і спрабуючы не званітаваць. Разагнуўся, некалькі разоў глыбока ўдыхнуў і зноў ікнуў. Разам яны закруцілі пакунак у яшчэ некалькі пакетаў і накрылі вядром у багажніку.

– Ты, тоўсты, калі працу сабе знойдзеш? Не магу зразумець, за які х-й вы, армяне, жывяцё? Ці ты ляшча чакаеш? І вось яшчэ ні халеры не разумею. Як так, грошай няма, а такую сраку ад’еў?
– Дарэчы пра грошы. Зь цябе дзьвесьце рубасаў на бэнз і за прыкормкі. Ты мне яшчэ дзьве кармушкі ўтапіў, але я ўжо ня згадваю.

Віктар, закаціўшы вочы ўгору, марудна выцягнуў пачак грошай з кішэні, аддзяліў дзьве паперкі й закінуў іх у бардачок.

– Паехалі па рачэўні. Тут недалёка, я пакажу.

Трапілі яны ня ў краму, а да звычайнага пяціпавярховіка. Віктар патлумачыў па тэлефоне, што яны дамаўляліся на форуме, і ім назвалі кватэру.

– Там ракі хаця б ёсьць?
– Ёсьць, – адказаў Максім. – Я ў справаздачах бачыў фоткі. Нават на вуды цягаюць.

Яны зрабілі прыпынак на трэцім паверсе, і Максім узгадаў, як удаваў, быццам чытае гэтую тэму на форуме, а сам неўпрыкмет пераключаў браўзэр на стужку ў сацсетцы. Толькі калі дзьверы двума паверхамі вышэй адчыніліся, Віктар працягнуў уздымацца, і Максіму не засталося нічога іншага, як даганяць.

– Што? Высока? Затое мне бачна, што вы не зь мянтоўкі.
– Гэта чаму? Во гэты таўсьціла – сапраўдны ж дзікі прапар.
– Ладна. Вось толькі такія засталіся.

Віктар і Максім узялі прылады й пачалі круціць іх у руках, раскладаючы й зноў зьбіраючы. Ячэйкі ў рачэўнях выявіліся на два мілімэтры меншымі, чым дазвалялі правілы, але Віктар не зьвярнуў увагі на словы Максіма й набыў.

– Зь дзяцінства ракаў ня еў. Вельмі ж хочацца. Пад піва.

Горад стаяў, забіты машынамі офісных працаўнікоў, якія пакуль былі толькі лятэнтнымі вудзільшчыкамі, бо рыбалка цяпер усё часьцей нагадвала бег навыперадкі, дзе галоўным было першым апынуцца на месцы.

– Ля мятра спыніся. Забярэм яшчэ аднаго фідараса.
– Зноў кагосьці паклікаў?
– А то як жа. Ты ж за стырном.

Ткача было відно здалёк, выдаваў футарал для вудаў, які мог месьціць і стрэльбу, але быў чырвоны ў блакітныя гарохі.

– Вось замовіў сабе ў Кітаі. Даслалі, маць яго паднябёсную.
– Ты на бэнзін скідацца будзеш? – запытаў Максім, але ніхто не адказаў.

На выезьдзе з гораду яны заехалі на стаяку гіпэрмаркета. Максім хутка выбраў сабе сасіскі й хлеб. Хлопцаў ён знайшоў ля піва. Каб не кандыцыянэры, Максім бы ня вытрымаў працэсу выбару пеннага.

– Давай вось зь вішняй возьмем, яно чырвонае мусіць быць. Як ракі.

Ткач у рыфму вылаяўся, і яны абодва зарагаталі, азіраючыся, ці не пачула іх якая-небудзь бабка.

– А ты, жырабасіна, якое будзеш?
– Тваімі новымі жартамі, думаю, нап’юся.
– Тару давай, за мной толькі пену адстойвай!

Так яны згубілі прынамсі пятнаццаць хвілінаў. Ужо на паркоўцы, бітма забіўшы машыну плястыкавымі бутэлькамі, узгадалі, што ніхто ж ня ўзяў дровы й батарэйкі ў ліхтар, – вярнуліся. Хацелі прымусіць заплаціць Ткача, бо ён не скідаўся на бэнзін, але той пагадзіўся, толькі калі Віктар даў палову.

А палове на восьмую выехалі на трасу. Лета было гарачае, і празь дзесяць хвілін салодкі пах зь пякучых тарфянікаў запоўніў салён машыны. Але гэта стала меней заўважацца амаль адразу, бо Віктар і Ткач адкаркавалі па бутэльцы.

– А вось як нас даёвы спыніць. Вокны запацелі, кіроўца ікае.

Віктар уключыў радыё. “Праграма «Бяз дай прычыны!» Павіншуйце родных і блізкіх бяз дай прычыны!” – пасьпела агучыць вечнабадзёрая вядучая з інтанацыямі, пастаўленымі для сэксу па тэлефоне, і Максім выключыў радыё, але згадаў, што празь няпоўны месяц яму спаўняецца трыццаць. Ён звольніўся з апошняй працы перад дваццаць восьмым днём народзінаў праз канфлікт з калегамі. Максім усё яшчэ любіў расказваць гэтую гісторыю, але і Віктар, і Ткач яе чулі.

Машынаў болела, было падобна, што наперадзе буйная аварыя, але відаць яе не было. Кіроўца, не рэагуючы на няспынныя падколы, згадваў сваю першую лоўлю на фідар. Як яны залілі ў прыкормку зашмат вады, зрабіўшы яе занадта клейкаю, як усе панапіваліся, але Адам выпадкова, ужо зьбіраючы вуды, выцягнуў ляшча, крыху большага за кіляграм. Нічога такога не было ў той рыбалцы, каб яе палюбіць.

– Чуеш, Макс, а бліжэй куды можна зьвярнуць?
– Ну, маглі ў тваёй ваньне палавіць.
– Не, у ягонай ваньне ракаў няма, а я на ракаў еду.
– А я на сама, – падтрымаў Ткач, хаця толькі што прапаноўваў збочыць. – Я цяпер самотнік.

Максім разумеў, што ніякіх ракаў яны ня зловяць, але нічога казаць ня стаў. Корак стаў шчыльнейшым. Кіроўца спыніў машыну, адкрыў акно і запаліў. Ён згадаў сёньняшнюю думку пра ДНК, зьбіў попел і пачаў перабіраць рэчы, пра якія было б прыемна падумаць. Але выпадковая асацыяцыя ўсё вярталася й вярталася да галавы.

Машына то рухалася, то спынялася, але хвілін празь дзесяць праехалі ўчастак, дзе пракладалі трубы. Далей разагналіся за сотню.

– Максім, ты ж засэйвіўся?

Кіроўца прыбраў рукі са стырна й вярнуў іх на месца, толькі калі машыну пачало заўважна весьці ўправа. Пасажыры прамаўчалі. Максім адстаронена падумаў, што можна было б і не вяртаць машыну ў паласу, а як у дзяцінстве – паглядзець, што здарыцца, хаця добра ведаў, што ня будзе нічога, апроч болю на разьвітаньне.

У машыне было прахалодна ад кандыцыянэра, але з захаду пачалі ісьці чым далей, тым больш важкія аблокі. Менавіта так і мусіла быць. Максім адчуў, як па лобе, раздражняючы скуру, сьцякае кропелька поту, і выцер яе адваротным бокам далоні.

– Ціск крыху ўпадзе – уся рыба мая. Прамераю грузам дно. Гэта нядоўга. Магчыма, нават пасьпею сёньня. Кончык яшчэ мусіць быць відно. Можна ня самы чуйны паставіць, гэта пры прамерцы дна няважна.
– Макс, ты гэта з кім цяпер размаўляеш? – запытаў Віктар. – Зусім паехаў ад рыбы? Ці сяструха мая давяла?

Максім толькі цяпер зразумеў, што сказаў усё гэта ўголас.

– Я вам апавядаю, як рабіць трэба.
– Мне пох, я на паплавок карася буду лавіць, – уставіў Ткач і зарагатаў.
– А можа, і сама возьмеш, – падбрэхнуў Віктар.

Максім падумаў, што дно прамерваць і не абавязкова. Ён заўсёды запісваў профілі ў нататнік і ўчора яго пераглядаў. Самымі пэрспэктыўнымі месцамі былі ніжняя броўка на пяцьдзясят тры абароты й пераход ад ракушачніка да глею на стале, які, відаць, быў рэчышчам, каля шасьцідзесяці двух абаротаў. Марыя раіла лавіць там, дзе сканчаўся ракушачнік. Але штосьці падказвала Максіму, што броўка пэрспэктыўнейшая.

Вяртаючыся дадому пасьля няўдалай рыбалкі, Максім заўсёды намагаўся пераканаць сябе, што гэта быў апошні раз, калі ён выправіўся, але Марыя заўсёды раіла яму не адчайвацца й давесьці справу да канца. “Калі ўзяўся злавіць ляшча – злаві!” – казала яна. І звычайна дадавала: “Ляшча злавіць – ніколі ня позна!” Кожнага разу ў яе атрымлівалася яго ўпэўніць, хаця аргумэнты нагадвалі зборнік народных прымавак.

– Слухайце, а ў вас бацькі жывых карпаў набывалі?
– Яшчэ б, – адказаў Ткач, – набывалі ўвесь час. Я іх ненавіджу, гэтых карпаў.
– Мама таксама набывала, – сказаў Віктар. – Я помню, яны ў ваньне плавалі, а я ім мыла туды нацёр. Па-мойму, здохлі. Дрэнна помню. Добра помню, што срака балела. Ух ты ж, бля! Глядзі, што здарылася!
Тэксты


Таўсціла і лешч (урывак з навелы)

Дзень паэзіі
Падчас чакання букалічнае элегіі
Кантрапункты
Не будзіце яе
Я хацеў бы жыць на востраве…
Яна ведае пахі сноў…
Шостае вяртанне
Каляднае
Айцец Піё думае пра СПА
Хайдэгер Лох
Гэта зімо нвт мае врш сталі крцейшы…
Я сёння зайшоў у Вікіпедыю…
Калі паміраюць паэты…
Верш на Свабоду
Выходзіш на двор з разбітымі кулакамі…
Мае яйцы
Беларуская мова Ш.

Смерці дзень

Смерць у Вільні
Воўк
Калі паедзеш да мяне, малы, цягніком на поўнач...
Мой Хрысце, табе прывітанне ў Тора-Бору і ў Гаўтаму...
Хрыстова пупавіна
Малако
Італійцы
Габрыель Гарсія Маркес
Заўсёды твой, маленькі Хуан Пабла
Цвік, каторы заўсёды з табою
Новае жыццё
Нават самымі спякотнымі…
Барбі і Кен шацкага разліву
Халат
Паўгода
Хвалі
Баба Мароз і чырвоны стос
Замовы
Ад крызісу

Дзень паэзіі смерці дзень

Дзень паэзіі смерці дзень

Відэа


Цвік, каторы заўсёды з табою