Адам Глобус

Літаратар, мастак, выдавец.

Нарадзіўся 29 верасня 1958 г. у горадзе Дзяржынску Мінскай вобласці ў сям'і пісьменніка Вячаслава Адамчыка. У 1959 г. з бацькамі пераехаў у Мінск. Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні на педагагічным аддзяленні. У 1983 скончыў мастацкае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам, журналістам. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага таварыства "Тутэйшыя". Цяпер займаецца выдавецкай справай (выдавецтва "Сучасны літаратар").

Першыя вершы Адама Глобуса з’явіліся ў друку ў 1981 (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс "Маладосць"). На дадзены ж момант ён аўтар больш, чым 20 кніг прозы і паэзіі, сярод якіх "Парк" (1988), "Адзінота на стадыёне" (1989), "Смерць — мужчына" (1992), "Скрыжаванне" (1993), "Дамавікамерон" (1994), "Толькі не гавары маёй маме" (1995), "Койданава" (1997), "Новы дамавікамерон" (1998), "Post scriptum" (1999), "Тэксты" (2000), "Браслаўская стыгмата" (2001), "Сшыткі" (2003), "Дом" (2005), "сУчаснікі" (2006), "Казкі" (2007). Яго творы перакладаліся на асноўныя мовы свету, а таксама на такія экзатычныя, як асецінская і каталонская. Асобнымі выданнямі проза А. Глобуса выходзіла ў Польшчы і Расіі.