Наталля Арсеннева

Наталля Арсеннева (Кушаль; 20 верасня 1903, Баку — 25 ліпеня 1997, Рочэстэр, Нью-Ёрк, ЗША) — беларуская паэтка, перакладчыца, драматург.

Вызначальную ролю ў фарміраванні Н. Арсенневай як беларускай паэтэсы адыграла беларуская гімназія ў Вільні. У 1922 Наталля Арсеннева выйшла за Францішка Кушаля, якога, як афіцэра польскага войска, накіравалі служыць у заходні рэгіён Польшчы. Пасля верасня 1939 г. Наталля Арсеннева жыла ў Вілейцы, працавала ў абласной «Сялянскай газеце». У красавіку 1940 г. як жонка палоннага польскага афіцэра была выслана з сынамі ў Казахстан. У маі 1941 г. вярнулася з ссылкі ў Мінск, дзякуючы заступніцтву між іншых Янкі Купалы. Тут яе напаткала вайна. У акупіраваным Мінску супрацоўнічала з «Беларускай газетай». Напісала некалькі лібрэта да опер, займалася перакладамі.

Творчасць Н. Арсенневай 1920—30-х гадоў стала значнай з'явай заходнебеларускай літаратуры. Кніга лірыкі «Пад сінім небам» (Вільня, 1927) узбагаціла беларускую паэзію глыбокім пранікненнем у сферу чалавечых пачуццяў, свежасцю лірычных інтанацый, багаццем вобразнай палітры.

У 1944 г. эмігравала ў Германію, актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, з 1949 жыла ў ЗША. Працавала ў эмігранцкай беларускай газеце «Беларус», на радыё «Свабода», у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. У 1970-80-я г. адышла ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі.

У творчасці эміграцыйнага перыяду нацыянальныя і гісторыка-патрыятычныя матывы паглыбіліся, набылі настальгічную афарбоўку. Пастаяннай прыхільнасцю паэтэсы карыстаецца беларуская нацыянальная сімволіка (цыклы вершаў «Не астыць нам», «Брамы», «На ростанях»). Асобныя творы прысвечаны Ф. Скарыну («У гасподзе Падуанскай»), дню абвяшчэння незалежнасці Беларусі («25 сакавіка», «Ён граць не сціхне»), Слуцкаму паўстанню («На Слуцкія ўгодкі», «Косы», «Сыны і маці»). Само імя Беларусі для паэтэсы, аддзеленай ад Бацькаўшчыны не толькі геаграфічнай, але і палітычнай адлегласцю, становіцца «пякучым сымболем болю», аднак толькі з ім яна адчувае сябе нястрачаным чалавекам.

З сярэдзіны 1980-х г. яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі на радзіме.